БУ́ЛЕЎ МОХ,
Булеўскае балота, у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Случ і воз. Чырвонае. Нізіннага (93%) і мяшанага (7%) тыпаў. Балота перасякаюць Даманавіцкі і Беладаманавіцкі каналы. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 18,5 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 1,7 м. Першапачатковыя запасы торфу 52,8 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 5 м, агульныя запасы 13 млн. м³. Асушаная частка выкарыстоўваецца пад ворыва, сенажаць, здабываецца торф. На астатняй тэр. рэдкія лясы з бярозы, хвоі, ёсць багун, асокі, хвошч, трыснёг; мохавае покрыва са сфагнавых і гіпнавых імхоў.
т. 3, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)